Контакты

Республика Беларусь, 220007
г. Минск, ул. Могилёвская, 37

Тел.: 327-49-74
Факс: 224-69-79

E-mail:fisvosp@bspu.unibel.by

http://vk.com/studsovet_ffv

События
Гiсторыя праекта "Беларусiяда"

Ідэя арганізацыі на Беларусі спаборніцтваў з нацыянальным каларытам упершыню прагучала яшчэ ў канцы 1990-х на занятках выкладчыка кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ кандыдата філалагічных навук, дацэнта Алеся Юр’евіча Лозкі. Апавядаючы студэнтам пра гульнёвыя традыцыі народаў Еўропы, лектар адзначыў, што на Беларусі павінен распачацца нацыянальны спартыўна-культурны рух, які аб’яднае людзей вакол беларускіх народных гульняў.

Гэтую ідэю падхапіў студэнт былога факультэта народнай культуры БДПУ Анатоль Дрыгін, які і пачаў даследаваць гульнёвыя традыцыі беларусаў, вызначыўшы народныя гульні ў якасці аб’екта навукова-эксперыментальнага пошуку. Гэтая тэма лягла ў аснову яго дыпломнага праекта, а пазней народныя гульні сталі аб’ектам даследавання і ў напісанні навуковай працы ў аспірантуры.

Эксперыментальнай пляцоўкай для арганізацыі і правядзенння “Беларусіяды” ў 2005 годзе стаў былы факультэт народнай культуры БДПУ. Тады на факультэце быў створаны Факультэцкі камітэт Беларусіяды (ФКБ) і 19 мая 2005 года быў зацверджаны і падпісаны Статут Беларусіяды.

У першым спартыўна-культурным свяце “Беларусіяда” (менавіта такую поўную назву першапачаткова меў спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда”) прынялі ўдзел трынаццаць каманд (восем дзявочых і пяць мужчынскіх) з факультэта народнай культуры (дзесяць каманд: пяць дзявочых і пяць мужчынскіх) і факультэта дашкольнай адукацыі (тры каманды: дзве дзявочыя і адна мужчынская). Мерапрыемства працягвалася з 23 па 27 мая 2005 года. Распачалося свята ва ўнутраным дворыку пятага корпуса БДПУ афіцыйнай цырымоніяй адкрыцця і мастацкай праграмай, а завяршылася афіцыйнай цырымоніяй закрыцця з падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджваннем пераможцаў.

Спартыўная праграма ўяўляла сабой камандныя спаборніцтвы: “Лапта”, “Два агні”, “Рыбакі”, “Пацяг” і індывідуальныя: “Перацяжкі”, “Стральба” з рагаткі. Арганізатарамі першага праекта была ініцыятыўная група ў складзе выкладчыкаў БДПУ Анатоля Віктаравіча Дрыгіна, Марыі Аляксандраўны Бабчанок, Аляксандра Валер’евіча Цісецкага.

У гэтым жа годзе праект “Беларусіяда” заняў І месца ў Рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў, які праводзіўся на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. А ў 2007-2008 навучальным годзе праект зацверджаны для рэалізацыі на ўзроўні рэспублікі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

І вось “Беларусіяда” з эксперыментальнай пляцоўкі атрымала далейшае жыццё. Летам 2008 і 2009 гадоў аздараўленчы летнік “Змена”, які знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, прапанаваў адпачываючым новую канцэпцыю: летнік пераўтварыўся ў алімпійскую вёску, атрады – у краіны, а адпачываючыя – у спартсменаў і артыстаў, якія ўдзельнічалі ў культурна-спартыўным свяце “Беларусіяда”. Гэта мерапрыемства ўяўляла сабой правядзенне спаборніцтваў па народных гульнях: “Лапта”, “Два агні”, “Рыбакі”, “Пацяг”, “Перацяжкі” і “Стральба” з рагаткі, а таксама арганізацыю своеасаблівых Дзён культуры таго ці іншага атрада-краіны.

Педагагічны атрад “Кантакт” БДПУ, пад кіраўніцтвам выкладчыка Марыі Аляксандраўны Бабчанок, плённа і адказна арганізаваў падрыхтоўку і правядзенне культурна-спартыўнага свята.

Летам 2010 года “Беларусіяда” была праведзена і за межамі краіны. Дазвол на арганізацыю спартыўна-культурна свята ў Балгарыі атрымала адміністрацыя Міжнароднага маладзёжнага цэнтра “Валко” (курорт Кранева), у анімацыйнай групе якога працавалі выпускнікі БДПУ. З чэрвеня па жнівень 2010 года ў гэтым летніку адпачывала моладзь з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Малдовы, Літвы і Балгарыі – усе яны сталі ўдзельнікамі ўжо міжнародных спаборніцтваў па беларускіх народных гульнях: “Лапта”, “Два агні”, “Перацяжкі” і “Стральба” з рагаткі.

З 2011 года “Беларусіяда” атрымала новы статус. Праект, акрамя мерапрыемства па арганізацыі вольнага часу студэнтаў, акрамя спартыўна-культурнай традыцыі факультэта фізічнага выхавання БДПУ, стаў своеасаблівай практычнай лабараторыяй. Аснову арганізацыйнага камітэта “Беларусіяды” зараз пачалі складаць студэнты факультэта фізічнага выхавання, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”. Для іх правядзенне “Беларусіяды” – гэта практычная частка экзамена па дысцыпліне “Рэжысура спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў”. З гэтага часу студэнты актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы і ва ўдасканаленні палажэнняў і правілаў праекта. Акрамя таго, з 2011 года менавіта студэнты прапанавалі і зацвердзілі афіцыйны талісман праекта “Беларусіяда” – медзведзяняці Тосіка.

З 13 па 20 мая 2011 года “Беларусіяда 2011” праходзіла на факультэце фізічнага выхавання БДПУ пры падтрымцы дэканата ФФВ і складалася са спартыўнай праграмы: “Лапта”, “Два агні”, “Дзень-ноч”, “Пацяг”, “Перацяжкі”, “Стральба” з рагаткі. У спаборніцтвах удзельнічала сем каманд факультэта (каманды 11, 12, 13, 14, 16, 17 груп і каманда студэнцкага савета ФФВ). Усе арганізацыйныя пытанні і судзейства пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ Анатоля Віктаравіча Дрыгіна ажыццяўлялі студэнты, якія вучыліся па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”.

Прызавы фонд дапамаглі стварыць рэктарат БДПУ, прафкам студэнтаў БДПУ, цэнтр студэнцкай творчасці і спорту БДПУ.

У снежні 2012 года праект быў прадстаўлены ў конкурсе па распрацоўцы творчай канцэпцыі пасоўвання гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, які прайшоў у рамках III Міжнароднага форума “Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць”, які праводзіла Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Праект “Беларусіяда” ўвайшоў у лік пяці фіналістаў і быў прадстаўлены суддзям конкурсу.

17 мая 2013 года праект быў прадэманстраваны падчас правядзення навукова-практычнай канферэнцыі “Ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах вышэйшай адукацыі: традыцыі і інавацыі”. Аўтар праекта ўзнагароджаны Дыпломам І ступені ад імя Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевіча.

Праект “Беларусіяда” ў 2013 годзе быў праведзены з 27 па 31 мая. У мерапрыемстве ўпершыню ўдзельнічалі студэнты ўсіх чатырох курсаў дзённага аддзялення факультэта фізічнага выхавання БДПУ. Спартыўная праграма свята складалася з гульняў: “Лапта”, “Два агні”, “Пальчатка”, “Пекар”, “Перацяжкі”, “Стральба” з рагаткі.

18 лістапада 2014 года праект "Беларусіяда" праведзены як універсітэцкае мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя БДПУ. У гэтым праекце ўдзельнічалі не толькі каманды ФФВ, але і каманды школ-філіялаў БДПУ. Праграма свята складалася з трох гульняў: “Пекар”, “Пальчатка” і “Два агні”.

16 мая 2015 года ў межах спартыўнага свята БДПУ “Старт пакаленняў”, былі праведзены гульні праекта “Беларусіяда” як асобны этап вялікага агульнаўніверсітэцкага мерапрыемства. На стадыёне “Лакаматыў” адбыліся камандныя спаборніцтвы па народных гульнях “Пальчатка” і “Перацяжкі”. Удзельнікамі этапа “Беларусіяда”сталі каманды з ліку студэнтаў усіх факультэтаў БДПУ (11 каманд) і вучняў гімназіі №30 і школы №20 (2 каманды).

У 2016 годзе ідэя рэалізацыі праекта “Беларусіяда” на ўзроўні краіны была прапанавана рэктарам БДПУ А.І.Жуком, які выказаў думку, што праект павінен стаць візітнай карткай універсітэта ў маштабах усёй Беларусі.

На пачатку мая 2016 года першы прарэктар БДПУ С.І.Копцева прапанавала змяніць назву з “спартыўна-культурнае свята “Беларусіяда” на “спартыўна-адукацыйны праект БДПУ “Беларусіяда” і пад гэтай назвай зрабіць банер, які, як і сам праект, быў прадстаўлены 14 мая 2016 года на “Рэспубліканскай універсітэцкай субоце – 2016”.

З 2016 года гульні праекта таксама сталі асновай праграмы “Кніга рэкордаў ФФВ”, якая праводзіцца ў маі ў рамках Дня здароўя на факультэце фізічнага выхавання БДПУ. Арганізацыя і правядзенне гэтага мерапрыемства з’яўляецца практычнай часткай экзамена па дысцыпліне “Рэжысура спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў” для студэнтаў 4 курса факультэта фізічнага выхавання БДПУ, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”.

Летам 2016 года гульні “Беларусіяды” былі праведзены ў рамках валанцёрскага праекта БДПУ “Дзеці сталіцы”, а таксама падчас правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Sunny Olympia”, які праходзіў у Балгарыі.

26 верасня 2016 года ў рамках спартыўнага свята БДПУ, прымеркаванага да адкрыцця футбольнага поля на стадыёне БДПУ, адбыліся спаборніцтвы па трох гульнях спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” (“Два агні”, “Пальчатка”, “Дзень-ноч”) паміж камандамі гістарычнага факультэта БДПУ, факультэта прыродазнаўства БДПУ, фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ і сярэдняй школы №30 горада Мінска.

28 верасня 2016 года спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда” быў прадстаўлены на Фестывалі маладзёжнай вузаўскай навукі, у межах якога адбыўся Кірмаш інавацыйных праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы.

15 сакавіка 2017 года рэктарам БДПУ А.І. Жуком падпісана Палажэнне аб рэалізацыі спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” сярод школьнікаў горада Мінска.

13 мая 2017 года ўпершыню ў гісторыі спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда” выходзіць на ўзровень горада. На стадыёне БДПУ плануецца правядзенне спаборніцтваў па беларускіх народных спартыўных гульнях сярод школьнікаў беларускай сталіцы. У спаборніцтвах маюць намер прыняць удзел школьнікі – вучні 8 класаў школ і гімназій усіх раёнаў горада Мінска.