Контакты

Республика Беларусь, 220007
г. Минск, ул. Могилёвская, 37

Дневное отд.: 327-49-74
Заочное отд.: 220-69-79
            Факс.: 220-69-79

E-mail:fisvosp@bspu.unibel.by

http://vk.com/studsovet_ffv

События
Палажэнне аб рэалiзацыi праекта “Беларусiяда”

РАЗДЗЕЛ 3

АРГАНІЗАЦЫЯ СПАБОРНІЦТВАЎ

Агульнае кіраўніцтва арганізацыяй і правядзеннем спаборніцтваў ажыццяўляе арганізацыйны камітэт спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” (дадатак 1).

Падрыхтоўка і правядзенне спаборніцтваў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі бяспекі правядзення заняткаў фізічнай культурай і спортам, зацверджанымі пастановай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь ад 06.10.2014 №61.

Судзейства гульняў спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” ажыццяўляе галоўная судзейская калегія, у склад якой уваходзяць галоўны суддзя, намеснік галоўнага суддзі, галоўны сакратар, суддзі па гульнях, сакратары па гульнях, якія зацвярджаюцца старшынёй арганізацыйнага камітэта.

Колькасць суддзяў па відах спаборніцтваў:

гульня “Лапта” – галоўны суддзя па гульні, тры суддзі на лініях, сакратар (усяго пяць суддзяў);

гульня “Дзень-ноч” – галоўны суддзя па гульні, тры суддзі на лініях, сакратар (усяго пяць суддзяў);

гульня “Пальчатка” – галоўны суддзя па гульні, два суддзі на лініях, сакратар (усяго чатыры суддзі);

гульня “Перацяжкі” – галоўны суддзя па гульні, другі суддзя на лініі, сакратар (усяго тры суддзі).

Сістэму правядзення спаборніцтваў па кожнай гульне вызначае галоўная судзейская калегія з улікам выкарыстання алімпійскай ці кругавой сістэм.

Дзяленне каманд на групы, а таксама склад удзельнікаў першых сустрэч па кожнай гульне вызначаецца на жараб’ёўцы, якая праводзіцца на базе БДПУ падчас другога семінара для настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя (трэнераў) і кіраўнікоў каманд.

Пратаколы гульняў падпісваюцца галоўным суддзёй па гульні, сакратаром па гульні і капітанамі каманд, здаюцца ў галоўную судзейскую калегію для вызначэння агульнакаманднага месца.

 

РАЗДЗЕЛ 4

УДЗЕЛЬНІКІ ПРАЕКТА

У спаборніцтвах прымаюць удзел школьнікі – вучні 8 класаў школ і гімназій горада Мінска. Кожны раён беларускай сталіцы накіроўвае адну каманду.

У спартыўна-адукацыйным праекце “Беларусіяда” ўдзельнічае 9 каманд з устаноў адукацыі горада Мінска. Склад каманды: 25 спартсменаў (вучні 8 класаў), з якіх 13 юнакоў і 12 дзяўчат, 2 настаўнікі фізічнай культуры і здароўя (трэнеры), 1 кіраўнік каманды.

Склад каманды для ўдзелу ў кожным са спаборніцтваў спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда”:

гульня “Лапта” – адзінаццаць удзельнікаў (шэсць юнакоў і пяць дзяўчат);

гульня “Дзень-ноч” – шэсць удзельнікаў (трое юнакоў і трое дзяўчат);

гульня “Пальчатка” – шэсць удзельнікаў (трое юнакоў і трое дзяўчат);

гульня “Перацяжкі” – два ўдзельнікі (адзін юнак і адна дзяўчына).

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя (трэнеры) адказваюць за падрыхтоўку ўдзельнікаў па кожным з відаў спаборніцтваў, кантралююць бяспеку каманды падчас падрыхтоўкі да спаборніцтваў і правядзення гульняў, ажыццяўляюць кантроль за выхадам спартсменаў на старт.

Кіраўнік каманды нясе адказнасць за забеспячэнне прыбыцця ўдзельнікаў на спаборніцтвы, на цырымоніі адкрыцця і закрыцця мерапрыемства, а таксама за выкананне дысцыпліны і правілаў бяспекі на месцы правядзення спаборніцтваў.

 

РАЗДЗЕЛ 5

ПРАВІЛЫ ГУЛЬНЯЎ

Гульня “Лапта”

Спартыўны інвентар: тэнісны мяч, драўляная палка-лапта.

Пляцоўка дзеліцца на тры часткі: “горад” (3х15 м), “поле” (25х15 м), “кон” (1х15 м).

Першая каманда размяшчаецца ў “горадзе”, другая каманда – на “полі”. Удзельнікі першай каманды стаяць за лініяй “горада” і па чарзе б’юць лаптой па мячы, які падкідвае капітан. Мяч павінен трапіць на тэрыторыю “поля”.

Усе лініі адносяцца да “поля”.

Калі мяч не трапляе ў “поле” або ўдзельнік не трапляе лаптой па мячы, то ўдзельнік становіцца апошнім у чарзе сваёй каманды.

Калі мяч ударыўся аб “поле” і выкаціўся за лінію “поля”, ён лічыцца ў “полі”.

Калі мяч ударыўся аб “поле” і вярнуўся на тэрыторыю “горада”, удзельнік гульні павінен перабіць мяч.

Калі мяч паляцеў у “поле”, удзельнік кідае лапту на зямлю, бяжыць да “кону”, перасякае яго лінію дзвюма нагамі і вяртаецца ў “горад”, за што атрымоўвае бал для сваёй каманды. Удзельнік можа не вяртацца ў “горад” з лініі “кону”, а чакаць, пакуль іншы ўдзельнік каманды ўдарыць па мячы найбольш удала (пры гэтым неабходна асцерагацца, каб не быць “выбітым”).

Удзельнік гульні можа не пакідаць “горад” пасля свайго ўдару, але пакінуць “горад” ён абавязаны пасля ўдару наступнага ўдзельніка каманды. Пры парушэнні гэтага правіла ўдзельнік выдаляецца з гульні.

Капітан робіць удар апошнім, мяч яму падкідвае любы ўдзельнік са сваёй каманды.

Другая каманда імкнецца хутчэй падабраць мяч з зямлі, каб паспець “выбіць” удзельнікаў іншай каманды (прама або ад зямлі ці іншага канструкцыйнага збудавання), якія перабягаюць у гэты момант да “кону” ці з “кону” да “горада”.

Пры гэтым удзельнікам каманды, якая знаходзіцца ў “полі”, нельга рабіць больш за тры крокі з мячом, а трэба перакінуць мяч іншаму ўдзельніку каманды.

За прабежку гульня прыпыняецца, удзельнік, які зрабіў прабежку, выбывае з гульні і вяртаецца ў яе толькі пасля ўдару наступнага ўдзельніка і завяршэння гульнёвага дзеяння. Калі ў момант прабежкі ўдзельнік супрацьлеглай каманды бег з “горада” да “кону”, то ён перабівае мяч, бал камандзе не залічваецца. Калі ў момант прабежкі ўдзельнік супрацьлеглай каманды бег з “кону” ў “горад”, то ён вяртаецца ў “горад” і прыносіць бал сваёй камандзе.

Калі мяч трапляе ва ўдзельніка, які ўжо пераступіў лінію “кону” дзвюма нагамі, ён не лічыцца “выбітым”. Таксама не лічыцца “выбітым” удзельнік, калі ў яго трапіў мяч, які паслалі з-за межаў “поля”.

Калі мяч трапляе ўдзельніку ў галаву, удзельнік, які бег, прыносіць бал сваёй камандзе, а той, хто пасылаў мяч, выбывае з гульні да моманту, пакуль любая каманда атрымае бал. Калі відавочна, што гэта было зроблена наўмысна, камандзе залічваецца паражэнне ў дадзенай гульні.

Той, хто наўмысна стварае перашкоду для бегу ўдзельніка з процілеглай каманды, выдаляецца з гульні.

Бал залічваецца камандзе, калі:

удзельнік, які ўдарыў лаптой па мячы, прабег ад “горада” да “кону” і вярнуўся ў “горад” і пры гэтым не быў “выбітым”;

удзельнік праціўніка зрабіў прабежку, а сам удзельнік каманды вяртаўся з “кону” да “горада”;

удзельніку, які бяжыць па “полі”, выпадкова трапілі мячом у галаву.

Каманды мяняюцца месцамі і бал не залічваецца, калі:

удзельніка, які бяжыць, “выбілі”;

удзельнік з каманды праціўніка ў “полі” ловіць мяч у рукі (“свяча”);

удзельнік каманды, якая падае мяч, бяжыць па-за межамі “поля”;

удзельнік пры ўдары лаптой па мячы заступае за лінію “горада”;

калі ўдзельнік не перасякае лінію “кону” дзвюма нагамі.

Сустрэча ідзе да дзвюх перамог адной каманды.

Першая і другая гульні працягваецца да 10 балаў, трэцяя – да 5 балаў.

Гульня “Дзень-ноч”

Пляцоўка дзеліцца на часткі: праводзіцца цэнтральная лінія і дзве бакавыя на адлегласці 10 м ад цэнтральнай.

Каманды атрымоўваюць сваю назву “Дзень” ці “Ноч”. Абедзве каманды становяцца справа і злева ад цэнтральнай лініі на адлегласці не менш аднаго метра ад яе. Юнакі становяцца насупраць юнакоў, дзяўчаты – насупраць дзяўчат.

На цэнтральнай лініі знаходзіцца суддзя. Ён гучна вымаўляе слова “Дзень” (або “Ноч”), і каманда праціўніка накіроўваецца да сваёй лініі на краі пляцоўкі, а ўдзельнікі другой каманды даганяюць сваіх праціўнікаў і імкнуцца дакрануцца да іх рукой. Дакрананне рукой да цела праціўніка, да моманту перасячэння ім бакавой лініі сваёй пляцоўкі дзвюма нагамі, прыносіць камандзе бал.

Выйграе каманда, якая першая набірае 7 балаў.

Сустрэча адбываецца да дзвюх перамог адной каманды.

Гульня “Пальчатка”

Спартыўны інвентар: пальчатка.

Праводзяцца тры лініі, каб атрымаліся 2 пляцоўкі памерам у чатыры метры ад цэнтральнай лініі кожная.

Удзельнікі размяшчаюцца па сваёй лініі, не заступаючы за яе, і размяркоўваюць паміж сабой нумары: дзяўчаты – нумары “адзін – тры” і юнакі – нумары “чатыры – шэсць”. На цэнтральную лінію поля кладзецца пальчатка.

Галоўны суддзя, які размяшчаецца на цэнтральнай лініі, называе нумар ад аднаго да шасці. Удзельнікі з адпаведнымі нумарамі накіроўваюцца да пальчаткі з мэтай забраць яе і занесці за сваю лінію, каб праціўнік яго не “запятнаў”.

Забараняецца заступаць за цэнтральную лінію, “пятнаць” праціўніка пакуль той не дакрануўся да пальчаткі, заступаць за лінію сваёй пляцоўкі ўдзельніку з нумарам, які не называе галоўны суддзя.

Бал залічваецца:

той камандзе, удзельнік якой занёс пальчатку за сваю тэрыторыю (перасёк лінію сваёй пляцоўкі дзвюма нагамі) і пры гэтым не быў “запятнаны”;

той камандзе, удзельнік якой “запятнаў” удзельніка з пальчаткай, пакуль ён не перасёк лінію сваёй пляцоўкі дзвюма нагамі;

той камандзе, удзельнік якой быў “запятнаны” без пальчаткі.

Калі ўдзельнік заступае за цэнтральную лінію ці лінію сваёй пляцоўкі, а яго нумар не быў названы, бал залічваецца камандзе праціўнікаў.

Гульні працягваюцца да 10 балаў.

Сустрэча ідзе да дзвюх перамог адной каманды.

Гульня “Перацяжкі”

Праводзіцца асобна сярод юнакоў і сярод дзяўчат.

Спартыўны інвентар: драўляная палка памерам ад паловы да паўтара метра.

Праводзіцца адна лінія. Два ўдзельнікі садзяцца на падлогу (дыванок) адзін супраць аднаго, упёршыся падэшвамі абутку адзін у другога на лініі. Адлегласць паміж ступнямі ў шырыню не больш за 60 см. У рукі ўдзельнікі бяруць палку і па камандзе суддзі стараюцца перацягнуць праціўніка на свой бок. За палку ўдзельнікі бяруцца так, каб правыя рукі былі пасярэдзіне і побач адна да другой. Калі ўдзельнік адрывае хоць бы адну руку ад палкі, або адрываецца ад падлогі (дыванка), яму залічваецца паражэнне.

Сустрэча працягваецца да дзвюх перамог.

 

РАЗДЗЕЛ 6

ВЫЗНАЧЭННЕ ПЕРАМОЖЦАЎ, УЗНАГАРОДЖАННЕ

Вынікі ўсяго мерапрыемства падводзяцца, зыходзячы з удзелу ў індывідуальным спаборніцве і камандных гульнях. Выяўленне пераможцаў “Беларусіяды” адбываецца шляхам падсумавання балаў, якія прысуджаюцца камандзе за кожнае занятае ёй месца ў кожным са спаборніцтваў.

За першае месца каманда атрымоўвае дзевяць балаў, за другое месца – сем балаў, за трэцяе месца – шэсць балаў, за чацвёртае месца – чатыры балы. За ўдзел у першых сустрэчах па кожным відзе спаборніцтваў каманда ці ўдзельнік атрымоўваюць адзін бал, за ўдзел у наступнай ступені тура – два балы. Пры аб’яўленні тэхнічнага паражэння, каманда атрымоўвае нуль балаў.

Прызёрамі спартыўна-адукацыйнага праекта вызначаюцца каманды, якія па суме балаў занялі другое і трэцяе месца.

Пераможцам (чэмпіёнам) спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” з’яўляецца каманда, якая атрымала найбольшую колькасць балаў у суме па ўсіх відах спаборніцтваў.

Пры роўнай суме балаў у дзвюх і больш каманд месцы сярод іх размяркоўваюцца па найбольшай колькасці занятых камандай у спаборніцтвах першых, другіх, трэціх месцаў і г.д.

Пераможцы і прызёры па індывідуальным спаборніцтве “Перацяжкі” ўзнагароджваюцца дыпломамі, медалямі і прызамі. Пераможцы і прызёры па асобных відах камандых спаборніцтваў – дыпломамі і прызамі.

Каманда-чэмпіён і каманды-прызёры спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” ўзнагароджваюцца дыпломамі, кубкамі і прызамі.

 

РАЗДЗЕЛ 7

ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ДОПУСКУ І ТЭРМІНЫ ПАДАЧЫ ЗАЯВАК

Прыём неабходных дакументаў і адказнасць за правамернасць допуску ўдзельнікаў каманд да ўдзелу ў спаборніцтвах ускладаюцца на мандатную камісію, якая зацвярджаецца галоўнай судзейскай калегіяй.

Непасрэдна перад пачаткам спаборніцтваў кіраўнікі каманд прадстаўляюць у мандатную камісію заяўку на ўдзел у адпаведнасці з прыкладаемай формай (дадатак 2), якая завяраецца подпісам і пячаткай урача, подпісам кіраўніка каманды і зацвярджаецца кiраўнiком установы адукацыi.Каманды, якія парушылі ўмовы фармiравання каманд, ці якія не прадставілі заяўкі ва ўстаноўленым парадку, да ўдзелу ў спаборніцтвах не дапускаюцца.

 

РАЗДЗЕЛ 8

УМОВЫ ФІНАНСАВАНННЯ

Выдаткі па камандзіраванні каманды ажыццяўляюцца за кошт камандзіруючай арганізацыі.

Выдаткі на набыццё абсталявання, кубкаў, медалёў, дыпломаў, прызоў ажыццяўляюцца за кошт грашовых сродкаў БДПУ, іншых крыніц, якія не забароненыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 

РАЗДЗЕЛ 9

ПРАТЭСТЫ

Прадстаўнік каманды можа апратэставаць вынік спаборніцтваў у выпадку парушэння правілаў спаборніцтваў або памылак у судзействе, якія прывялі да істотнай змены ў вызначэнні асабістых і камандных месцаў, а таксама пры няправільным допуску каманд або асобных удзельнікаў да спаборніцтваў.

Пратэст павінен быць пададзены ў пісьмовай форме на працягу адной гадзіны пасля заканчэння спаборніцтваў у адрас старшыні судзейскай калегіі спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда”.

Несвоечасова пададзены пратэст не прымаецца.

У выпадку выяўлення парушэнняў патрабаванняў дадзенага Палажэння ўдзельнікі або каманда дыскваліфікуюцца.


Дадатак 1

 

 

Арганізацыйны камітэт

спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда”

Копцева С.І., першы прарэктар БДПУ – старшыня арганізацыйнага камітэта;

Прыгодзіч В.А., намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта – сустаршыня арганізацыйнага камітэта;

Фурманаў С.А., начальнік упраўлення спорту і турызму Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта – сустаршыня арганізацыйнага камітэта;

Каспяровіч А.М., дэкан факультэта фізічнага выхавання БДПУ – намеснік старшыні;

члены аргкамітэта:

Рысявец Г.В., начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта;

Балай А.А., загадчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры   БДПУ;

Катлоўскі А.У., намеснік дэкана факультэта фізічнага выхавання БДПУ;

Пімахін Я.А., загадчык кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін БДПУ;

Хіжэўскі А.В., загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорта БДПУ;

Моргун І.Р., начальнік спартыўнага клуба “Педагог” БДПУ;

Чарноў Ю.І., дырэктар спартыўнага комплексу БДПУ;

Дрыгін А.В., старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ;

Чарняўская Т.М., выкладчык-стажор кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ.


Дадатак 2

 

 

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Кіраўнік установы адукацыі

_______________

_______________2017 г.

 

ЗАЯЎКА

на ўдзел у спартыўна-адукацыйным праекце БДПУ “Беларусіяда”

ад установы адукацыі ______________________

     

 

Назва каманды ______________________

 

 

№ п/п

 

Прозвішча, імя і імя па бацьку

Дата нараджэння

Пол

 

Гульня

 

 Клас

 

Віза і пячатка ўрача

1

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Да спаборніцтваў дапушчана _____ чалавек. Усе заяўленыя ўдзельнікі маюць неабходную спартыўную падрыхтоўку і па стане здароўя могуць удзельнічаць у спаборніцтвах па беларускіх народных спартыўных гульнях.

 

Урач                                              _____________            ____________      

                                                     дата, подпіс                прозвішча

 

Кіраўнік каманды                       _____________            ____________                                                                                                                                                                                         дата, подпіс                прозвішча