Контакты

Республика Беларусь, 220007
г. Минск, ул. Могилёвская, 37

Деканат (Дневное/Заочное отд).:
+375 (17) 311-22-18 (386)

E-mail: fisvosp@bspu.by

http://vk.com/studsovet_ffv

 @ffv.bspu

События
Гiсторыя праекта "Беларусiяда"

Ідэя арганізацыі на Беларусі спаборніцтваў з нацыянальным каларытам упершыню прагучала яшчэ ў канцы 1990-х на занятках выкладчыка кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ кандыдата філалагічных навук, дацэнта Алеся Юр’евіча Лозкі. Апавядаючы студэнтам пра гульнёвыя традыцыі народаў Еўропы, лектар адзначыў, што на Беларусі павінен распачацца нацыянальны спартыўна-культурны рух, які аб’яднае людзей вакол беларускіх народных гульняў. 

Гэтую ідэю падхапіў студэнт былога факультэта народнай культуры БДПУ Анатоль Дрыгін, які і пачаў даследаваць гульнёвыя традыцыі беларусаў, вызначыўшы народныя гульні ў якасці аб’екта навукова-эксперыментальнага пошуку. Гэтая тэма лягла ў аснову яго дыпломнага праекта, а пазней народныя гульні сталі аб’ектам даследавання і ў напісанні навуковай працы ў аспірантуры.

Эксперыментальнай пляцоўкай для арганізацыі і правядзенння праекта “Беларусіяда” ў 2005 годзе стаў былы факультэт народнай культуры БДПУ. Тады на факультэце быў створаны Факультэцкі камітэт Беларусіяды (ФКБ) і 19 мая 2005 года быў зацверджаны і падпісаны Статут Беларусіяды. 

У першым спартыўна-культурным свяце “Беларусіяда” (менавіта такую поўную назву першапачаткова меў спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда”) прынялі ўдзел трынаццаць каманд (восем дзявочых і пяць мужчынскіх) з факультэта народнай культуры (дзесяць каманд: пяць дзявочых і пяць мужчынскіх) і факультэта дашкольнай адукацыі (тры каманды: дзве дзявочыя і адна мужчынская). Мерапрыемства працягвалася з 23 па 27 мая 2005 года. Распачалося свята ва ўнутраным дворыку пятага корпуса БДПУ афіцыйнай цырымоніяй адкрыцця і мастацкай праграмай, а завяршылася афіцыйнай цырымоніяй закрыцця з падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджваннем пераможцаў. 

Спартыўная праграма ўяўляла сабой камандныя спаборніцтвы: “Лапта”, “Два агні”, “Рыбакі”, “Пацяг” і індывідуальныя: “Перацяжкі”, “Стральба” з рагаткі. Арганізатарамі першага праекта была ініцыятыўная група ў складзе выкладчыкаў БДПУ Анатоля Віктаравіча Дрыгіна, Марыі Аляксандраўны Бабчанок, Аляксандра Валер’евіча Цісецкага.

У гэтым жа годзе праект “Беларусіяда” заняў І месца ў Рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў, які праводзіўся на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. А ў 2007-2008 навучальным годзе праект зацверджаны для рэалізацыі на ўзроўні рэспублікі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

І вось “Беларусіяда” з эксперыментальнай пляцоўкі атрымала далейшае жыццё. Летам 2008 і 2009 гадоў аздараўленчы летнік “Змена”, які знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, прапанаваў адпачываючым новую канцэпцыю: летнік пераўтварыўся ў алімпійскую вёску, атрады – у краіны, а адпачываючыя – у спартсменаў і артыстаў, якія ўдзельнічалі ў культурна-спартыўным свяце “Беларусіяда”. Гэта мерапрыемства ўяўляла сабой правядзенне спаборніцтваў па народных гульнях: “Лапта”, “Два агні”, “Рыбакі”, “Пацяг”, “Перацяжкі” і “Стральба” з рагаткі, а таксама арганізацыю своеасаблівых Дзён культуры таго ці іншага атрада-краіны. 

Педагагічны атрад “Кантакт” БДПУ, пад кіраўніцтвам выкладчыка Марыі Аляксандраўны Бабчанок, плённа і адказна арганізаваў падрыхтоўку і правядзенне культурна-спартыўнага свята.

Летам 2010 года “Беларусіяда” была праведзена і за межамі краіны. Дазвол на арганізацыю спартыўна-культурнага свята ў Балгарыі атрымала адміністрацыя Міжнароднага маладзёжнага цэнтра “Валко” (курорт Кранева), у анімацыйнай групе якога працавалі выпускнікі БДПУ. З чэрвеня па жнівень 2010 года ў гэтым летніку адпачывала моладзь з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Малдовы, Літвы і Балгарыі – усе яны сталі ўдзельнікамі ўжо міжнародных спаборніцтваў па беларускіх народных гульнях: “Лапта”, “Два агні”, “Перацяжкі” і “Стральба” з рагаткі.

З 2011 года “Беларусіяда” атрымала новы статус. Праект, акрамя мерапрыемства па арганізацыі вольнага часу студэнтаў, акрамя спартыўна-культурнай традыцыі факультэта фізічнага выхавання БДПУ, стаў своеасаблівай практычнай лабараторыяй. Аснову арганізацыйнага камітэта праекта “Беларусіяда” зараз пачалі складаць студэнты факультэта фізічнага выхавання, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”. Для іх правядзенне праекта “Беларусіяда” – гэта практычная частка экзамена па дысцыпліне “Рэжысура спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў”. З гэтага часу студэнты актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы і ва ўдасканаленні палажэнняў і правілаў праекта. Акрамя таго, з 2011 года менавіта студэнты прапанавалі і зацвердзілі афіцыйны талісман праекта “Беларусіяда” – медзведзяняці Тосіка.

З 13 па 20 мая 2011 года “Беларусіяда 2011” праходзіла на факультэце фізічнага выхавання БДПУ пры падтрымцы дэканата ФФВ і складалася са спартыўнай праграмы: “Лапта”, “Два агні”, “Дзень-ноч”, “Пацяг”, “Перацяжкі”, “Стральба” з рагаткі. У спаборніцтвах удзельнічала сем каманд факультэта (каманды 11, 12, 13, 14, 16, 17 груп і каманда студэнцкага савета ФФВ). Усе арганізацыйныя пытанні і судзейства пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ Анатоля Віктаравіча Дрыгіна ажыццяўлялі студэнты, якія вучыліся па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”.

Прызавы фонд дапамаглі стварыць рэктарат БДПУ, прафкам студэнтаў БДПУ, цэнтр студэнцкай творчасці і спорту БДПУ.

У снежні 2012 года праект быў прадстаўлены ў конкурсе па распрацоўцы творчай канцэпцыі пасоўвання гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, які прайшоў у рамках III Міжнароднага форума “Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць”, які праводзіла Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Праект “Беларусіяда” ўвайшоў у лік пяці фіналістаў і быў прадстаўлены суддзям конкурсу.

17 мая 2013 года праект быў прадэманстраваны падчас правядзення навукова-практычнай канферэнцыі “Ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах вышэйшай адукацыі: традыцыі і інавацыі”. Аўтар праекта ўзнагароджаны Дыпломам І ступені ад імя Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевіча.

Праект “Беларусіяда” ў 2013 годзе быў праведзены з 27 па 31 мая. У мерапрыемстве ўпершыню ўдзельнічалі студэнты ўсіх чатырох курсаў дзённага аддзялення факультэта фізічнага выхавання БДПУ. Спартыўная праграма свята складалася з гульняў: “Лапта”, “Два агні”, “Пальчатка”, “Пекар”, “Перацяжкі”, “Стральба” з рагаткі.

18 лістапада 2014 года праект "Беларусіяда" праведзены як універсітэцкае мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя БДПУ. У гэтым праекце ўдзельнічалі не толькі каманды ФФВ, але і каманды школ-філіялаў БДПУ. Праграма свята складалася з трох гульняў: “Пекар”, “Пальчатка” і “Два агні”.

16 мая 2015 года ў межах спартыўнага свята БДПУ “Старт пакаленняў”, былі праведзены гульні праекта “Беларусіяда” як асобны этап вялікага агульнаўніверсітэцкага мерапрыемства. На стадыёне “Лакаматыў” адбыліся камандныя спаборніцтвы па народных гульнях “Пальчатка” і “Перацяжкі”. Удзельнікамі этапа “Беларусіяда”сталі каманды з ліку студэнтаў усіх факультэтаў БДПУ (11 каманд) і вучняў гімназіі №30 і школы №20 (2 каманды). 

У 2016 годзе ідэя рэалізацыі праекта “Беларусіяда” на ўзроўні краіны была прапанавана рэктарам БДПУ А.І.Жуком, які выказаў думку, што праект павінен стаць візітнай карткай універсітэта ў маштабах усёй Беларусі. 

На пачатку мая 2016 года першы прарэктар БДПУ С.І.Копцева прапанавала змяніць назву з “спартыўна-культурнае свята “Беларусіяда” на “спартыўна-адукацыйны праект БДПУ “Беларусіяда” і пад гэтай назвай зрабіць банер, які, як і сам праект, быў прадстаўлены 14 мая 2016 года на “Рэспубліканскай універсітэцкай субоце – 2016”. 

З 2016 года гульні праекта таксама сталі асновай праграмы “Кніга рэкордаў ФФВ”, якая праводзіцца ў маі ў рамках Дня здароўя на факультэце фізічнага выхавання БДПУ. Арганізацыя і правядзенне гэтага мерапрыемства з’яўляецца практычнай часткай экзамена па дысцыпліне “Рэжысура спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў” для студэнтаў 4 курса факультэта фізічнага выхавання БДПУ, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”.

Летам 2016 года гульні праекта “Беларусіяда” былі праведзены ў рамках валанцёрскага праекта БДПУ “Дзеці сталіцы”, а таксама падчас правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Sunny Olympia”, які праходзіў у Балгарыі.

26 верасня 2016 года ў рамках спартыўнага свята БДПУ, прымеркаванага да адкрыцця футбольнага поля на стадыёне БДПУ, адбыліся спаборніцтвы па трох гульнях спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” (“Два агні”, “Пальчатка”, “Дзень-ноч”) паміж камандамі гістарычнага факультэта БДПУ, факультэта прыродазнаўства БДПУ, фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ і сярэдняй школы №30 горада Мінска.

28 верасня 2016 года спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда” быў прадстаўлены на Фестывалі маладзёжнай вузаўскай навукі, у межах якога адбыўся Кірмаш інавацыйных праектаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы.

15 сакавіка 2017 года рэктарам БДПУ Аляксандрам Іванавічам Жуком падпісана Палажэнне аб рэалізацыі спартыўна-адукацыйнага праекта “Беларусіяда” сярод школьнікаў горада Мінска. 

Такім чынам, першы ў маштабе беларускай сталіцы спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда” адбыўся ў суботу 13 мая 2017 года на стадыёне ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”. У аснову мерапрыемства былі пакладзены чатыры беларускія народныя гульні: “Лапта”, “Дзень-ноч”, “Пальчатка” і “Перацяжкі”.

У спаборніцтвах прымалі ўдзел каманды, якія прадставілі ўсе раёны беларускай сталіцы. Установы адукацыі раёнаў горада Мінска накіравалі свае дружыны, у склад якіх уваходзілі спартсмены – вучні 8 класаў, трэнеры і кіраўнікі каманд. На свяце прысутнічала больш за 250 удзельнікаў, каля 200 валанцёраў і 1000 гледачоў. Сярод ганаровых гасцей праекта – рэктарат БДПУ, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па гораду Мінску У.В.Карпяк, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С.В.Руды, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта В.А.Прыгодзіч.

Распачаўся праект цырымоніяй адкрыцця, а завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў. Спаборніцтвы па народных гульнях сталі цэнтральнай часткай праекта, аднак, не толькі гэта чакала гасцей праекта “Беларусіяда”. На своеасаблівай “кірмашовай” пляцоўцы дашкольнікі гулялі ў свае народныя гульні ў межах праекта “Беларусіядачка”. Побач наведвальнікі з захапленнем прымалі ўдзел у вясёлых забавах і конкурсах такіх як кіданне веніка ці бульбы, скачкі на скакалцы, бой падушкамі, забіванне цвікоў і іншых. Таксама кожны меў магчымасць наведаць горад майстроў і павучыцца ў народных умельцаў саломапляценню, вырабу лялек, роспісу па шкле, вышыўцы і шмат чаму іншаму. А пасля наведвання пляцовак праекта, за кубачкам гарбаты ці кавы са свежай выпечкай і прысмакамі, якія можна было набыць ў гандлёвай кропцы БДПУ, кожны меў магчымасць абмеркаваць падзеі спартыўна-культурнага свята і падзяліцца сваімі ўражаннямі ад таго, што адбываецца. І ўсё гэта – пад суправаджэнне беларускай музыкі, песняў і танцаў ад творчых калектываў БДПУ, палацаў дзяцей і моладзі раёнаў нашага горада.
Безумоўна, асноўная ўвага была засяроджана на спаборніцтвах па беларускіх народных гульнях паміж школьнікамі. Па асобных гульнях п’едыстал гонару выглядаў наступным чынам:
Гульня "Перацяжкі"/дзяўчаты: золата – Дар'я Бацішчава – Кастрычніцкі раён сталіцы, срэбра – Аліна Уласюк – Партызанскі раён, бронза – Юлія Лавец – Ленінскі раён горада Мінска. Гульня "Перацяжкі"/юнакі: золата – Уладзіслаў Коршак – Маскоўскі раён Мінска, срэбра – Яўген Белякоў – Заводскі раён сталіцы, бронза – Іван Паляшчук – Фрунзенскі раён горада Мінска.
Гульня "Лапта": золата – Маскоўскі раён сталіцы, срэбра – Ленінскі раён, бронза – Савецкі раён горада Мінска.
Гульня "Пальчатка": золата – Ленінскі раён сталіцы, срэбра – Партызанскі раён, бронза – Кастрычніцкі раён горада Мінска.
Гульня "Дзень-ноч": золата – Маскоўскі раён сталіцы, срэбра – Фрунзенскі раён, бронза – Заводскі раён горада Мінска. 

А ў агульным заліку, як і мае быць, перамаглі мацнейшыя: бронзавы прызёр – Кастрычніцкі раён беларускай сталіцы, срэбраны прызёр – Ленінскі раён горада Мінска і чэмпіёнам праекта "Беларусіяда" стаў Маскоўскі раён горада Мінска.

29 верасня 2017 года пляцоўкай для спаборніцтваў па беларускіх народных гульнях зноў стаў стадыён БДПУ, дзе ў відовішчнай, захапляльнай і эмацыянальнай барацьбе студэнты ўсіх груп першага курса ФФВ БДПУ і выхаванцы выпускных класаў УА “Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву” вызначалі лепшую каманду. На кожным участку поля ішла бескампрамісная барацьба, часам, на трываласць. Вынікі: трэцяе месца – 13 група ФФВ БДПУ, другое месца – 11 група ФФВ БДПУ, першае месца – 16 група ФФВ БДПУ. Праект стаў не толькі выдатным выхаваўчым і ідэалагічным мерапрыемствам факультэта фізічнага выхавання БДПУ, не толькі адукацыйным праектам, у якім сотні студэнтаў і навучэнцаў пазнаёміліся і вывучылі спартыўныя традыцыі беларускай нацыі, але і прафарыентацыйным мерапрыемствам.

12 кастрычніка 2017 года ў горадзе Жодзіна адбыліся першыя спаборніцтвы па беларускіх народных гульняў у рамках праекта БДПУ “Беларусіяда” сярод вучняў 8 – 10 класаў усіх сярэдніх школ і гімназій гэтага горада. Відовішчнае свята спорту, фальклору і традыцый было падрыхтавана і арганізавана сумесна факультэтам фізічнага выхавання БДПУ і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта, дзякуючы дамоўленасці паміж рэктаратам БДПУ і Жодзінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.

На стадыёне “Тарпеда” горада Жодзіна фірменны праект універсітэта “Беларусіяда” рэалізавалі студэнты і выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання БДПУ. У аснову мерапрыемствы былі пакладзены чатыры беларускія народныя гульні: “Лапта”, “Дзень-ноч”, “Пальчатка” і “Перацяжкі”. Удзельнічалі ў спаборніцтвах прадстаўнікі 9 навучальных устаноў Жодзіна – гэта юнакі і дзяўчаты са школ і гімназій горада. Захапляльныя гульнёвыя моманты перажыванні, падтрымка некалькі сотняў балельшчыкаў – усё гэта напаўняла эмоцыямі спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда” ў горадзе Жодзіна.

А барацьба за прызавыя месцы была вельмі напружанай. У агульным заліку трэцяе месца заняла каманда гімназіі №1, другое месца ў зборнай каманды СШ №1 і Жодзінскай жаночай гімназіі, а чэмпіёнам праекта “Беларусіяда” ў горадзе Жодзіна стала СШ №9, якая заваявала тры залатыя медалі і прадставіла на спаборніцтвах па беларускіх народных гульнях самую моцную і добра падрыхтаваную дружыну.

19 траўня 2018 года факультэт фізічнага выхавання БДПУ правёў спартыўна-адукацыйны праект "Беларусіяда" ў новым фармаце. У гэты дзень у сталічным парку імя Максіма Горкага прайшоў піянерскі фэст "Глянь на нас па-новаму". Героямі дзіцячага свята сталі больш за паўтары тысячы чалавек – піянеры і акцябраты з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Асобнае месца ў гэтым буйным рэспубліканскім мерапрыемстве было адведзена беларускім народным гульням "Перацяжкі", "Дзень-ноч" і "Пальчатка", у якія гулялі госці парку на працягу дня.

Выкладчыкі і студэнты ФФВ арганізавалі правядзенне спаборніцтваў па традыцыйным беларускім гульням на высокім метадычным узроўні. А энергетыка народных гульняў, імкненне да перамогі кожнага ўдзельніка праекта і цудоўнае надвор'е зрабілі дадзенае мерапрыемства асабліва прыемным і эмацыянальным.

29 траўня 2018 года ў межах круглагадзічнай спартакіяды супрацоўнікаў БДПУ адбыўся спартыўна-адукацыйны праект “Беларусіяда”, які арганізавалі і правялі студэнты і выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання БДПУ. 

Удзельнічалі выкладчыкі некаторых факультэтаў і інстытутаў педагагічнага ўніверсітэта, а таксама супрацоўнікі бібліятэкі БДПУ. 

Яркія эмоцыі, непаўторная энергетыка народных гульняў і шмат вясёлых і шчырых момантаў падаравалі беларускія народныя гульні ўсім тым, хто сабраўся ў спартыўнай зале БДПУ. 

31 траўня 2018 гадоў перад Днём абароны дзяцей, спартыўна-адукацыйны праект БДПУ “Беларусiяда” выступіў у абарону дзяцінства. Студэнты і выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання БДПУ сумесна з Мінскім дзяржаўным цэнтрам дзяцей і моладзі арганізавалі і правялі спартыўна-адукацыйны праект “Беларусiяда” на зялёнай пляцоўцы на беразе Камсамольскага возера ў Мінску.

Дзяўчынкі і хлопчыкі з усёй сталіцы ігралі ў беларускія народныя гульні “Пальчатка”, “Перацяжкi” і “Дзень-ноч” у натуральных умовах, як калісьці і гулялі ў гэтыя забавы нашы продкі. Шмат эмоцый, перажыванняў, па-добраму хвалюючых і яркіх момантаў падарыў дзецям у іх дзень фірменны праект БДПУ “Беларусiяда”.

21 верасня 2018 года на факультэце фізічнага выхавання БДПУ ўсе групы першага курса і зборная каманда другога курса ФФВ удзельнічалі ў спартыўна-адукацыйным праекце БДПУ “Беларусіяда”. У аснову мерапрыемства былi пакладзены беларускія народныя гульні “Лапта”, “Дзень-ноч”, “Пальчатка” і “Перацяжкі”. 

У спаборніцтвах, якія прайшлі на стадыёне БДПУ, перамагла каманда студэнцкай групы 330618 ФФВ, срэбраным прызёрам стала зборная каманда другога курса ФФВ, а бронзавым прызёрам – каманда факультэцкай групы 330118. 

Арганізатарамі праекта выступілі студэнты 2 – 4 курсаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)” на факультэце фізічнага выхавання БДПУ, дэканат факультэта фізічнага выхавання БДПУ, выкладчыкі кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ. У гэты ж дзень каманда-пераможца “Беларусіяды” 2018 года група 330618 зрабіла выклік старшакурснікам і выкладчыкам ФФВ БДПУ.

12 кастрычніка 2018 года на стадыёне БДПУ праведзены праект “Беларусіяда. Кубак Выкліку”, у якім за перамогу змагаліся чэмпіён праекта “Беларусіяда” 2018 года – група 330618 ФФВ, зборная каманда трэцяга курса ФФВ, зборная каманда чацвёртага курса ФФВ і зборная каманда выкладчыкаў ФФВ БДПУ.

Трэцяе месца падзялілі каманды выкладчыкаў ФФВ БДПУ і зборная трэцяга курса, другое месца заняла каманда чацвёртага курса, а пацвердзілі статус чэмпіёнаў студэнты групы 330618 ФФВ БДПУ.