Республика Беларусь, 220007
г. Минск, ул. Могилёвская, 37
Деканат (Дневное/Заочное отд).:
+375 (17) 311-22-18 (386)
E-mail: fisvosp@bspu.by
Інфармацыя аб спартыўна-адукацыйным праекце “Беларусіяда” давалася ў сродках масавай інфармацыі, а таксама тэарэтычнае абгрунаванне праекта публікавалася ў розных выданнях.
У 2005 годзе інфармацыя пра “Беларусіяду 2005” давалася па тэлебачанню ў праграмах “Наше утро” на тэлеканале ОНТ, “5 на 5” на Першым нацыянальным тэлеканале; інфармацыя і каментарый спартыўных падзей публікаваліся ў газетах “Шкаляр” (чэрвень 2005 год), “Настаўнік” (верасень 2005, май 2011 год).
Праблемы беларускамоўнага навучання і інавацыйныя методыкі: Матэрыялы Навукова-практычнай Асамблеі., Мінск, 26 – 27 красавіка 2002 года. – Мінск: ТБШ, 2002.– С. 40 – 42.
Анатоль Дрыгін,
студэнт факультэта народнай культуры БДПУ
СПАРТЫЎНА-КУЛЬТУРНЫ РУХ
НА АСНОВЕ НАРОДНЫХ ГУЛЬНЯЎ
Беларусь мае глыбокія культурныя карані. Народныя казкі, паданні, песні, танцы і іншыя жанры фальклору добра і багата захаваліся, і няма сумненнняў у іх разнастайнасці і самабытнасці, вялікім значэнні ў грамадскім жыцці. Аднак, на нашу думку, увага сучасных даследчыкаў беларускай культурнай спадчыны належным чынам не надаецца такому важнаму пласту, як масавыя народныя гулянні і спартыўныя традыцыі мінулага. А гульні, забавы, ігрышчы – гэта не менш цікавы і непаўторны момант у традыцыйнай культуры беларусаў.
Гульня адлюстроўвае характар нашага народа, яго старажытныя звычаі, цесна звязана з адпачынкам. бытам і працоўнай дзейнасцю, прыродным асяроддзем краіны.
Асабліва змястоўнай была традыцыя кірмашоў. Беларускі кірмаш быў не толькі месцам, дзе адбываліся купля-продаж тавараў, але і падзеяй, дзе просты народ меў магчымасць “адвесці душу” ў розных гульнях, спаборніцтвах, забавах на прызы, танцах, тэатры, выступленнях скамарохаў. Пра гэта добра апісана ў кнізе “Беларускі кірмаш” [1].
Масавая цікавасць да міжнародных спартыўных падзеяў (розных чэмпіянатаў і Алімпійскіх гульняў) у нас існуе здаўва. Такія забавы падобныя да сучасных спартыўных гульняў можна знайсці ў гісторыі развіцця традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў. Прыкладам яе даследчык Алесь Лозка згадвае пра беларускі “хакей”, водныя віды спорту, барацьбу, бокс, стральбу, лёгкую атлстыку, гульні з мячом, якія бытавалі сярод сялянаў у ХІХ - пачатку ХХ стст., нават шахматы, што раскопваюць археолагі ў культурных пластах ХІ ст. [2]. Шкада, але пакуль у Беларусі не існуе шырокага спартыўна-культурнага руху на аснове народных гульняў. Досвед іншых краін паказвае, як любоўна іх народы адносяцца да сваіх нацыянальных традыцый у фізічнай культуры. Праводзяцца не толькі нацыянальныя спаборніцвы, але і спартыўныя камітэты дамагаюцца ўключэння сваіх відаў спорту ў Алімпійскія гульні. Вядома з прэсы, што Іспанія дамагаюцца ўключэння ў вялікія міжнародныя спаборніцтвы стральбу з рагаткі, якая, дарэчы, вельмі знаёма і беларусам.
Зачаткі развіцця нашай ідэі бачацца ў працы некаторых асветных устаноў, дзе на занятках з дзецьмі і моладдзю шырока выкарыстоўваюцца народныя гульні і традыцыі, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка з 1998 г. праз кожныя два гады праводзіцца Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Традыцыйная фізічная культура беларусаў: гісторыя, тэорыя, практыка”, а таксама некаторая эксперыментальная праца ў азначаным накірунку.
Мы ўпэўнены, што на Беларусі павінен запачаткавацца нацыянальны спартыўна-культурны рух. Над стварэннем яго канцэпцыі, тэарэтычным абгрунтаваннем і пошуку шляхоў ажьщяўлення цудоўнай ідэі мы і працуем. Аб'ектам навукова-эксперыментальнага пошуку сталі народныя гульні, якія б можна было аб'яднаць пад назвай агульнага свята – Беларусіяды ці Універсіяды. Мяркуецца спачатку гэтую ідэю ажыцявіць са школьнікамі ці студэнтамі.
Аналізуючы традыцыі беларускага народа, неабходна абраць шэраг найбольш адметных на аснове беларускасці, распаўсюджанасці па рэгіёнах, відовішчнасці і накіраванасці на развщцё разнастайных спартыўных якасцей. Прыкладам такіх гульняў могуць стаць: пекар і лапта – актыўныя і захапляючыя гульні на лоўкасць і кіданне ў цэль для удзельнікаў розных узростаў; розныя “выбівайлы” – рухавыя забавы з мячом; дужаяне (барацьба) – сілавое відовішча з традыцыйнымі правіламі; хаджэнне на кандыбах (дыбах); “Стральба” з рататкі і іншыя. Неабходна прадугледзець розныя віды спаборніцтваў – камандныя, асабістыя; камбінаваныя эстафеты.
Да ўдзельнікаў свята ставіць не толькі патрабаванні фізічнай падрыхтоўкі, сілы, спрытнасці, але і абавязковы паказ невялікай культурнай праграмы, заснаванай на традыцыйнай беларускай культуры. Месца каманды ў агульным заліку будзе вызначацпа па колькасці заваяваных перамог ва ўсіх частках Беларусіяды ці Універсіяды.
Трэба адзначыць актуальнасць дадзенай праблемы, бо на сённяшні дзень паўстае неабходнасць папулярызацыі здаровага ладу жыцця, традыцыйнай культуры і магчымасць яе аб'яднання са спартыўнымі выпрабаваннямі. Менавіта правядзенне агульнага свята фальклору і спорту дасць магчымасць зрабіць штуршок да аднаўлення былых звычаяў. Арганізацыя такога відовішча мае вялікае выхаваўчае і развіваючае значэнне, бо фізічная падрыхтоўка моладзі абапіраецца на глыбокія народныя карані. А задор і жыццясцвярджальны дух народных спаборніцтваў стане гарантам весялосці і добрага настрою ўсіх удзельнікаў нацыянальнага свята.
1. Гуд П. А., Гуд Н. І. Беларускі кірмаш. МН., 1996.
2. Гульні, забавы, ігрышчы /Склад. А. Ю. Лозка. Мп., 1996,2000. С. 5
Новыя спартыўныя традыцыі: пошукі, шляхі вырашэння. Весці БДПУ. Серыя ІІ – 2005. – № 2. – С. 130 – 132
Новыя спартыўныя традыцыі: пошукі, шляхі вырашэння
Апошнім часам на Беларусі мэтанакіравана ажыццяўляецца праграма прапаганды здаровага ладу жыцця ў грамадстве. І гэта ўжо мае добрыя вынікі. Па-першае, дасягненні беларускіх спартсменаў, якія прымаюць удзел у міжнародных спаборніцтвах, усё больш высокія і значныя, што абумовіла ўзнікненне хвалі масавай цікавасці да міжнародных спартыўных падзей. Алімпійскія гульні, чэмпіянаты па тэнісу, футболу, хакею і іншых відах спорту сёння засяроджваюць увагу мільёнаў беларусаў. Па-другое, жыхары Беларусі, якія не звязаныя з прафесійным спортам, часцей выбіраюць актыўны від адпачынку і актыўна ўдзельнічаюць у аматарскіх спартыўных спаборніцтвах. Прыкладам таму з’яўляецца правядзенне Дзён здароўя на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі, Рэспубліканская лыжня і мясцовыя марафоны, масавае наведанне спартыўных баз, фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў, басейнаў і рэспубліканскіх гарналыжных курортаў.
Аднак, у сучасны момант шырока не разглядаецца магчымасць аб’яднання людзей пад час правядзення спартыўнага свята, заснаванага на традыцыйных гульнях беларусаў, на неабсяжнай спартыўнай спадчыне народа. І гэта нягледзячы на тое, што такія спартыўныя відовішчы, калі цэнтральнае месца належала менавіта народнай гульні, ужо праводзіліся на Беларусі. Ды і забавы, падобныя да сучасных спартыўных гульняў, можна знайсці ў гісторыі развіцця традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў. І таму хацелася б звярнуць увагу грамадскасці на неабходнасць звязваць праграму прапаганды здаровага ладу жыцця з адраджэннем беларускай культурнай спадчыны, з папулярызацыяй народных спартыўных традыцый, што забяспечыць выхаванне патрыятызму.
Пошук шляхоў вырашэння дадзенай праблемы і вызначыў ідэю арганізацыі і правядзення своеасаблівых Алімпійскіх гульняў на аснове традыцыйнай гульнёвай культуры беларускага этнасу. А эксперыментальнай пляцоўкай можа стаць факультэт народнай культуры Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка”, дзе аб’яднаны розныя спецыяльнасці: фалькларысты, харэографы, спартсмены, мастакі, і таму востра паўстае пытанне арганізацыі фізічна-аздараўленчай работы са студэнтамі з улікам спецыфікі факультэта.
Беларусіяда – рабочая назва мерапрыемства, у аснову якога павінны быць пакладзены найбольш адметныя народныя гульні, выбраныя па прынцыпах беларускіх традыцый, распаўсюджанасці па рэгіёнах, відовішчнасці і накіраванасці на развіццё разнастайных спартыўных якасцяў. Прыкладам такіх гульняў могуць стаць: “Пекар” і “Лапта” - актыўныя і захапляючыя гульні на спрытнасць і кіданне ў цэль для ўдзельнікаў розных узростаў; розныя “выбівайлы” - рухавыя забавы з мячом, напрыклад, “Два агні”; гульні на хуткасць – “Абгонкі” (“На пераспехі”), “Французы і беларусы”, “Дзікары і беларусы”, “Даганялкі” (“Пятнашкі”); дужанне (барацьба), гульні “Пацяг”, “Перацяжкі” - сілавыя відовішчы з традыцыйнымі правіламі; “Стральба” з рагаткі і іншыя. Неабходна прадугледзець розныя віды спаборніцтваў - камандныя і асабістыя; камбінаваныя эстафеты.
Для арганізацыі і правядзення Беларусіяды павінны быць складзены пэўны Статут, які будзе дакладна вызначаць усе яе палажэнні, звязаныя з:
арганізацыяй свята: перыядычнасць правядзення, у якую пару года праводзіцца, у які час, на якіх пляцоўках (адкрытыя ці закрытыя, іх памеры);
праграмай свята: з якіх этапаў складаецца, якія гульні ўваходзяць у спартыўную частку мерапрыемства, дакладна апісаныя правілы, вызначаны спартыўны інвентар, парадак і паслядоўнасць удзелу індывідуальных гульцоў і каманд, прынцып выяўлення пераможцаў.
складам удзельнікаў мерапрыемства: колькасць людзей у камандзе, узроставыя абмежаванні, пол гульцоў;
Але да ўдзельнікаў свята трэба ставіць не толькі патрабаванні фізічнай падрыхтоўкі, сілы, спрытнасці, але і абавязковы паказ невялікай культурнай праграмы, заснаванай на традыцыйнай беларускай культуры (так было калісьці на кірмашах). Вынікі мерапрыемства падводзяцца, зыходзячы з фальклорнага выступлення, удзелу ў індывідуальных відах спаборніцваў, камандных гульнях і калектыўных эстафетах. Такім чынам, месца каманды ў агульным заліку будзе вызначацца па колькасці заваяваных перамог ва ўсіх частках Беларусіяды.
На нашу думку, асноўныя арганізацыйныя пытанні спартыўна-культурнага руху на факультэце павінна вырашаць спецыяльна створаная структура, напрыклад, факультэцкі камітэт Беларусіяды, у склад якога могуць уваходзіць супрацоўнікі і студэнты кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і аздараўленчай фізкультуры, выкладчыкі і студэнты кафедры этналогіі і фалькларыстыкі, якія займаюцца даследаваннямі па праблемах народных гульняў і забаў, педагогі кафедры тэорыі і гісторыі культуры, якія даследуюць гісторыю народных гульняў, кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі, якія дапамогуць прафесійна арганізаваць афарміцельскую работу да свята. Дадзены камітэт павінен прымаць рашэнні, якія датычацца арганізацыі свята, яго ўдзельнікаў, удакладнення праграмы мерапрыемства, вызначэння парадку гульняў і прынцыпаў выяўлення пераможцаў спаборніцтваў, і забяспечваць перадачу інфармацыі пра спартыўна-культурны рух. Неабходна стварыць мясцовыя камітэты на кафедрах.
Спартыўна-культурнае свята можа адбываецца з рознай перыядычнасцю. Праводзіць мерапрыемства можна на спартыўных пляцоўках ФНК: спартыўных залах, стадыёне, а таксама на выязных пляцоўках на адкрытым паветры. Тэрмін працягласці свята павінен вызначацца факультэцкім камітэтам і будзе залежаць ад колькасці ўдзельнікаў, ад праграмы мерапрыемства, ад часу, калі праводзіцца Беларусіяда.
Праграма Беларусіяды, як зазначалася, павінна складацца з двух блокаў: культурнага і спартыўнага. Неабходна, каб фальклорная частка праграмы праводзілася на адкрытай пляцоўцы і ў нечым нагадвала сабой кірмаш, дзе размяшчалася б шмат разнастайных атракцыёнаў, выступленняў артыстаў, паказальных спаборніцтваў, гумару. Кожная каманда павінна прадставіць невялікую праграму, пабудаваную на аснове традыцыйнай народнай культуры Беларусі. Праграмы ўдзельнікаў павінны ацэньвацца: улічваецца традыцыйнасць, прафесіяналізм выканаўцаў, відовішчнасць, арыгінальнасць, гумарыстычнасць, яскравасць і касцюміраванасць.
Другая частка свята – спартыўная.
Спаборніцтвы могуць адбывацца ў адзін этап ці ў некалькі, напрыклад, у тры этапы: чвэрцьфінал, паўфінал і фінал (такі варыянт правядзення магчымы пры ўдзеле вялікай колькасці каманд). Тады, згодна жараб'ёўцы, у чвэрцьфінале сустракаюцца ўсе каманды і ўдзельнікі па індывідуальных відах спаборніцтваў па ўсіх выпрабаваннях. У такім выпадку, гульні мэтазгодна праводзіць па прынцыпу выбывання: каманда ці ўдзельнік па індывідуальных відах спаборніцтваў, якія прайграюць, больш не маюць права гуляць у дадзеным відзе выпрабаванняў, а каманда ці гулец, якія атрымліваюць перамогу - выходзяць у паўфінал. Сустрэчы паміж рознымі камандамі адбываюцца на розных спартыўных пляцоўках. Прызавыя месцы прысуджаюцца па кожным з выпрабаванняў індывідуальна і за ўсе спаборніцтвы разам.
Абавязковымі этапамі усяго свята з’яўляюцца ўрачыстае адкрыццё і закрыццё Беларусіяды. Такім чынам, факультэт народнай культуры можа стаць той базай, якая ад эксперыментальнай і пачаткова-арганізацыйнай працы з цягам часу пяройдзе на наступныя этапы: правядзенне агульнауніверсітэцкіх спаборніцтваў, а затым і агульнанацыянальнага свята па народных відах спорту.
Як вынік, трэба адзначыць актуальнасць дадзенай праблемы, бо на сённяшні дзень паўстае неабходнасць папулярызацыі здаровага ладу жыцця, беларускай культуры і магчымасць яе аб’яднання з традыцыйнымі спартыўнымі выпрабаваннямі. Менавіта правядзенне агульнага свята фальклору і спорту будзе своеасаблівым штуршком да аднаўлення былых звычаяў. Арганізацыя такога відовішча мае вялікае выхаваўчае і развіваючае значэнне, паколькі фізічная падрыхтоўка моладзі з’яўляецца важнай і неад’емнай часткай у сістэме фарміравання гарманічна развітай асобы.
Мае сэнс, каб на факультэце пачаўся мяркуемы спартыўна-культурны рух. А гэта для навучальнай установы педагагічнага профілю мае вельмі вялікае значэнне.
Па-першае, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, а таксама распаўсюджванне традыцыйнай культуры для саміх студэнтаў. У будучым свяце закладзены велізарны выхаваўчы і развіваючы патэнцыял, бо фізічная падрыхтоўка моладзі абапіраецца на глыбокія народныя карані.
Па-другое, будучы педагог, прайшоўшы праз такое спартыўна-культурнае выпрабаванне, панясе ў школу дух патрыятызму, любові і пашаны да народных традыцый, зробіць штуршок да аднаўлення былых звычаяў, ды і проста папоўніць свой уласны запас гульняў, забаў, якія можна выкарыстоўваць у паўсядзённай працы з дзецьмі.
Па-трэцяе, зараз часта вядуцца размовы пра тое, што сучаснае студэнцтва зусім хваравітае, абцяжаранае тэарэтычнымі заняткамі і вядзе нерухомы лад жыцця, таму задор і жыццесцвярджальны дух народных спаборніцтваў дапаможа маладым людзям адарвацца ад клопатаў і можа стаць гарантам весялосці і добрага настрою для ўсіх ўдзельнікаў.
Па-чацвёртае, такое мерапрыемства дапаможа аб'яднаць студэнтаў розных кафедр факультэта народнай культуры, бо агульнае свята збярэ ўдзельнікаў і балельшчыкаў розных спецыяльнасцей, што дапаможа пашырыць кожнаму сваё кола неафіцыйных зносін з аднагодкамі, узбагаціцца новымі ўражаннямі і знаёмствамі.
Дрыгін Анатоль Віктаравіч
аспірант кафедры этналогіі і фалькларыстыкі
Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны
ўніверсітэт імя Максіма Танка”
Асноўныя заканамернасці найбольш эфектыўнага выкарыстання народных гульняў у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Традыцыі і сучаснасць у беларускай народнай культуры: Матэрыялы міжвуз. студ. навук.-практ. канф., Мінск, 5 красавіка 2005 года. – Мінск: МІПСА, 2006. – С. 10 – 13
Дрыгін Анатоль Віктаравіч,
аспірант кафедры этналогіі і фалькларыстыкі
Беларускага дзяржаўнага педагагічнага
універсітэта імя Максіма Танка
Асноўныя заканамернасці найбольш эфектыўнага выкарыстання народных гульняў у вучэбна-выхаваўчым працэсе
Традыцыйная культура беларускага этнасу валодае яскравымі прыкладамі разнастайных і самабытных народных гульняў, якія заўсёды мелі вялікае значэнне ў грамадскім жыцці.
Паняцце «гульня» мае шырокі спектр значэнняў: гэта і правядзенне часу ў пэўным занятку з захапленнем ці з мэтай пацехі, адпачынку, спартыўнага спаборніцтва, і дасканалае авалоданне пэўнай тэхнікай, і перажыванне задавальнення ў працэсе дзейнасці. Яшчэ на росквіту цывілізацыі чалавек пачаў ужыванне разнастайных гульняў і забаў як крыніцу духоўнага і фізічнага задавальнення. І па сённяшні дзень гульня – гэта люстэрка характару народа, адбітак яго старажытных звычаяў, яна стварае непаўторны эмацыянальны каларыт, цесна звязана з правядзеннем вольнага часу, з бытам і з працоўнай дзейнасцю людзей.
Калі параўноўваць паняцце “гульня” у кантэксце суадносін традыцый і сучаснасці, то ў народнай культуры гульня мае больш шырокае і разнастайнае значэнне. Такія з’явы, як вечарыны, пляскі, забавы, ігрышчы, карагоды, сустрэчы моладзі для весялосці, свавольствы, называлі “гульнямі”. Для беларусаў гульня не ўспрымалася асобна, яна пранікала ва ўсе сферы жыцця: была арганічна звязана, як з абраднасцю, так і з паўсядзённасцю. Тым самым яна яшчэ раз даказвала, што рытуалы і быт людзі ўспрымалі як адзінае цэлае.
У сучасны момант гульня амаль згубіла сваё рытуальна-абрадавае значэнне, яна, у значнай меры, ужо не ўспрымаецца як школа зносін і выхавання маральнасці і для большасці з’яўляецца выключна спосабам правядзення вольнага часу. Нягледзячы на тое, што народная гульня ўвабрала ў сабе вопыт фізічнага, маральнага, эстэтычнага, працоўнага, сямейнага выхавання, якое было выпрацавана многімі пакаленнямі, зараз яна не ў поўнай меры выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Але дзякуючы сваім шырокім выхаваўчым магчымасцям, гульня заўсёды займала важнае месца не толькі ў народнай, але і ў прафесійнай педагогіцы.
Не падлягае сумненню той факт, што не трэба даказваць вартасць народнай гульні ў працэсе станаўлення гарманічна развітай асобы. Таму вучэбна-выхаваўчы працэс павінен арыентавацца на вывучэнне і выкарыстанне народнай гульні і яе адаптацыю да ўмоў сучаснай адукацыйна-выхаваўчай сістэмы.
Пры арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу неабходна ўлічваць асноўныя заканамернасці сацыяльна-педагагічнага ўздзеяння народных гульняў:
- Узроставы падыход – змест, форма, спосабы арганізацыі гульні павінны адпавядаць узросту гульцоў, іх фізічным і разумовым магчымасцям з улікам арыентацыі на зону актуальнага і зону бліжэйшага развіцця.
- Апора на цікавасць гульні, якая павінна тонка і эфектыўна ўлічваць патрэбнасці чалавека ва ўражаннях і эмацыянальным кантакце. Цікавая па зместу гульня правацыруе цікавасць да працэсу “гуляння”, а тым самым і неасэнсаваны інтарэс да вучэбнага і выхаваўчага працэсаў.
- Народная гульня ў вучэбна-выхаваўчым працэсе павінна садзейнічаць умацаванню духоўнага кантакту паміж выхавальнікамі і выхаванцамі. Менавіта ў працэсе гульні, імітуючы дзеянні, паводзіны кіраўніка гульні, прымяраючы на сябе сацыяльныя ролі, чалавек авалодвае ведамі, уменнямі, навыкамі і тым самым ажыцяўляецца перадача вопыту, захаванне традыцый, няхай і адапціраваных да сучаснасці, і забяспечваецца пераемнасць пакаленняў. Таксама народная гульня стварае выхаваўчую сітуацыю, якая забяспечвае фарміраванне ў чалавека станоўчага вопыту зносін у сацыяльным асяроддзі.
- Стымуляцыя да самаўдасканалення, заахвочванне да свабоднага развіцця творчых здольнасцяў. Народная гульня павінна садзейнічаць развіццю творчага патэнцыялу асобы, культуры пачуццяў, актывізацыі пазнаваўчых працэсаў, развіццю камунікатыўных якасцяў, што дазваляе засвойваць новы вопыт і лепш арыентавацца ў навакольным асяроддзі.
- Адзінства духоўнага і фізічнага развіцця. Духоўнае развіццё чалавека праз народную гульню забяспечваецца асэнсаваннем глыбіні і самабытнасці, архаічнасці і варыятыўнасці традыцыйнай культуры беларускага народа, яе вывучэннем і трансфармацыяй да сучасных умоў. Бяспрэчныя і магчымасці народнай гульні для фізічнага развіцця асобы, так як у працэсе гульні фарміруюцца такія якасці як спрытнасць, лоўкасць, хуткасць, моц, вынослівасць, а таксама ствараюцца ўмовы для ўмацавання здароўя гульцоў, што забяспечвае папулярызацыю здаровага ладу жыцця.
- Свабоднае развіццё творчых здольнасцяў. У працэсе гульні чалавек павінен праяўляць, раскрываць і развіваць свой творчы патэнцыял, свае зададкі і творчыя магчымасці, накіроўваючы іх на развіццё таленту. Гэта магчыма толькі пры стварэнні спрыяльных умоў і свабоднай атмасферы.
Абапіраючыся на гэтыя заканамернасці, забяспечваючы іх выкананне, мэтазгодна выкарыстанне народнай гульні ў наступных сферах вучэбна-выхаваўчага працэсу: у фізічна-аздараўленчай працы, у сцэнічна –мастацкай і ў культурна-масавай дзейнасці.
Прыкладам выкарыстання народнай гульні ў фізічна-аздараўленчай працы можа стаць Беларусіяда. Гэта мерапрыемства, у аснову якога пакладзены найбольш адметныя беларускія народныя гульні. Прыкладам такіх гульняў могуць быць: “Пекар” і “Лапта” - актыўныя і захапляючыя гульні на спрытнасць і кіданне ў цэль для ўдзельнікаў розных узростаў; розныя "выбівайлы" - рухавыя забавы з мячом, напрыклад, “Два агні”; гульні на хуткасць - "Абгонкі" ("На пераспехі"), "Французы і беларусы", "Дзікары і беларусы", "Даганялкі" ("Пятнашкі"); дужанне (барацьба) - сілавое відовішча з традыцыйнымі правіламі; “Стральба” з рагаткі і іншыя. Неабходна прадугледзець розныя віды спаборніцтваў - камандныя і асабістыя; камбінаваныя эстафеты.
Праграма Беларусіяды складаецца з двух блокаў: культурнага і спартыўнага. Першая частка праграмы ўключае ў сабе абавязковы паказ невялікай фальклорнай праграмы, заснаванай на традыцыйнай беларускай культуры, якая праводзіцца на адкрытай пляцоўцы і ў нечым нагадвае сабой кірмаш, дзе размяшчаюцца разнастайныя атракцыёны, адбываюцца выступленні артыстаў, паказальныя спаборніцтвы. Другая частка свята – спартыўная. Спаборніцтвы могуць адбывацца ў адзін этап ці ў некалькі. Сустрэчы паміж рознымі камандамі адбываюцца адначасова на розных спартыўных пляцоўках. Прызавыя месцы прысуджаюцца па кожнаму з выпрабаванняў індывідуальна і за ўсе спаборніцтвы разам.
Такім чынам, месца каманды ў агульным заліку будзе вызначацца па колькасці заваяваных перамог ва ўсіх частках Беларусіяды.
Выкарыстанне народнай гульні ў сцэнічна–мастацкай дзейнасці можа ажыццяўляцца праз іх тэатралізацыю і аб’яднанне ў цэласную сцэнічную пастаноўку. Для прадстаўлення гульні на сцэне, яна павінна быць стылізавана і пераўвасоблена ў сцэнічную мініацюру. Прыкладам такой праграмы можа быць пастаноўка Вячорак. Гэта мерапрыемства, у аснову якога пакладзена беларуская традыцыя збірання моладзі ў хатах, дзе хлопцы і дзяўчаты спявалі, танцавалі і гулялі. Для сцэнічнага ўвасаблення вячорак можна выкарыстоўваць шмат разнастайных беларускіх гульняў, напрыклад, такія як “Вішанька”, “Дзяркач”, “Жаніцьба Цярэшкі”, “Падушачка”, “Пасу, пасу авечачкі” і інш.
Цікавым варыянтам выкарыстання народнай гульні з’яўляецца культурна-масавае мерапрыемства “Беларускі кірмаш”, якое прадстаўляе сабой не толькі падзею “куплі-продажу” творчых работ вучняў ці студэнтаў, але і свята, дзе кожны мае магчымасць правесці час ў гульнях, спаборніцтвах, забавах на прызы, танцах, тэатры. Дадзенае мерапрыемства патрабуе падбору народных гульняў, у першую чаргу, з улікам відовішчнасці і гумарыстычнасці.
Такім чынам, кожная з вышэй названых форм выконвае свае задачы ў дачыненні да выкарыстання народных гульняў у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Пры арганізацыі Беларусіяды народная гульня, у першую чаргу, разглядаецца як спартыўнае спаборніцтва, чэмпіянат, дзе акцэнт робіцца на спартыўныя вынікі. Вячоркі прадстаўляюць народную гульню як сцэнічнае дзеянне, а пры правядзенні Беларускага кірмашу традыцыйная гульня выступае ў якасці забавы, вясёлага правядзення вольнага часу. Але ва ўсіх трох формах адбываецца далучэнне удзельнікаў да народнай гульні і гульнёвага фальклору, што становіцца штуршком да разумення ўласнай народнай культуры. Гуляючы, чалавек лёгка і незаўважна засвойвае вобразы і сімволіку народнай эстэтыцы, і гэта забяспечвае тое, што сучасны чалавек не будзе ўспрымаць традыцыйнае як далёкае і забытае. Што, нарэшце, паслужыць яшчэ адным крокам да адраджэння павагі да народнай культуры і да аднаўлення сувязей паміж пакаленнямі.
Беларусіяда: новыя перамогі! Летапіс ТБШ. 2008. – № 3 (22). – С. 43 – 44
Беларусіяда: новыя перамогі!
Яшчэ некалькі год таму выкладчыкі і студэнты факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка выказвалі свае думкі пра тое, што ў сучасны момант шырока не разглядаецца магчымасць аб’яднання людзей падчас правядзення спартыўнага свята, заснаванага на традыцыйных гульнях беларусаў, на неабсяжнай спартыўнай спадчыне нашага народа. І гэта нягледзячы на тое, што такія спартыўныя відовішчы, калі цэнтральнае месца належала менавіта народнай гульні, ужо праводзіліся на Беларусі. Ды і забавы, падобныя да сучасных спартыўных гульняў, можна знайсці ў гісторыі развіцця традыцыйнай фізічнай культуры беларусаў. І таму так моцна хацелася звярнуць увагу на неабходнасць адраджэння і папулярызацыі беларускай гульнёвай спадчыны, народных спартыўных традыцый.
Тады і нарадзілася канцэпцыя спартыўна-культурнага свята “Беларусіяда”, якое было б арганізавана па прынцыпу чэмпіянату і ўяўляла б сабой спартыўныя спаборніцтвы (камандныя і асабістыя) па беларускіх народных гульнях. А ў маі месяцы 2005 года эксперыментальнай пляцоўкай арганізацыі і правядзенння Беларусіяды стаў факультэт народнай культуры БДПУ.
У аснову мерапрыемства былі пакладзены найбольш адметныя беларускія народныя гульні, выбраныя па прынцыпах беларускіх традыцый, распаўсюджанасці па рэгіёнах, відовішчнасці і накіраванасці на развіццё разнастайных спартыўных якасцяў: “Лапта” – актыўная і захапляючая гульня на спрытнасць і кіданне ў цэль; “Два агні” – рухавая забава з мячом па прынцыпу “выбівалаў”; “Рыбакі” – спаборніцтва на хуткасць; сілавыя відовішчы, дужанні з традыцыйнымі правіламі “Пацяг” і “Перацяжкі”; “Стральба” з рагаткі.
І вось “Беларусіяда” з эксперыментальнай пляцоўкі атрымала далейшае жыццё. У гэтым годзе аздараўленчы летнік “Змена”, які знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, прапанаваў адпачываючым цікавую і насычаную праграму. На працягу ўсёй чацвёртай змены дзеці былі зацікаўлены арыгінальнымі забаўляльнымі і спартыўнымі мерапрыемствамі, якія не толькі іх згуртавалі, здружылі, але і дазволілі выявіць свае творчыя здольнасці.
Тэрыторыя летніка “Змена” размеркавана такім чынам, што кожны адпачываючы можа знайсці сабе месца і занятак па інтарэсу: маленькі і вялікі стадыёны сустракалі дзяцей разнастайнымі спартыўнымі гульнёвымі праграмамі, летняя эстрада і закрытая канцэртная пляцоўка прапаноўвала весела і пазнавальна правесці час, паўдзельнічаць у розных забаўляльных мерапрыемствах і атрымаць прызы і падарункі. Акрамя таго, блізкае размяшчэнне карпусоў старэйшых і малодшых адпачываючых дазволіла арганізаваць цесныя сяброўскія зносіны і правядзенне гульнёвых праграм для ўсіх атрадаў.
Чацвёртая змена летніка “Змена” сустрэла дзяцей яскравым афармленнем і цікавай канцэпцыяй. Цалкам летнік пераўтварыўся ў алімпійскую вёску, атрады – у краіны, а адпачываючыя – у спартсменаў і артыстаў, якія ўдзельнічалі ў культурна-спартыўным свяце “Беларусіяда 2008”. Гэта мерапрыемства ўяўляла сабой правядзенне спаборніцтваў па народных гульнях, такіх як “Лапта”, “Два агні”, “Рыбакі”, “Пацяг”, “Перацяжкі” і “Стральба” з рагаткі, а таксама арганізацыю своеасаблівых Дзён культуры таго ці іншага атрада-краіны. На летняй эстрадзе падчас змены прайшлі цікавыя і захапляльныя мерапрыемства, такія як гульнёвая праграма “Угадай мелодыю”, інтэлектуальнае шоў “Гульні сладкаежак”, музычна-харэаграфічны конкурс “Танцы на палянцы”, конкурсныя праграмы “Міс” і “Містэр Беларусіяды” і іншыя. І, зразумела, цэнтральнымі падзеямі былі народныя гульні. Адпачываючыя не толькі пазнаёміліся з народнымі відамі спорта, навучыліся гуляць у народныя гульні, яны ўзбагаціліся ведамі пра народную культуру, паспрабавалі свае сілы ў розных спаборніцтвах, правялі свой адпачынак актыўна і карысна.
Педагагічны атрад “Кантакт” факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, пад кіраўніцтвам выкладчыка Марыі Аляксандраўны Бабчанок, вельмі плённа і адказна арганізаваў падрыхтоўку і правядзенне культурна-спартыўнага свята “Беларусіяда 2008”. Каманда важатых з захапленнем, арыгінальна і весела праводзіла спартыўныя і культурныя мерапрыемства. Кожны дзень адпачываючыя былі заняты падрыхтоўкай і ўдзелам у разнастайных шоў, конкурсах, гульнёвых праграмах. Для назірання за правядзеннем спартыўных гульняў было створана спецыяльнае інфармацыйнае табло, на якім былі адлюстраваны ўсе вынікі спаборніцтваў, а персанал летніка меў нават сваю уніформу з сімволікай Беларусіяды.
Такім чынам, у аздараўленчым летніку “Змена” прайшлі свае, беларускія алімпійскія гульні, якія супалі па часу правядзення з Алімпійскімі гульнямі ў Пекіне, таму ўсе адпачываючыя адчувалі сябе адначасова і ў эпіцэнтры падзей алімпійскага года і ў эпіцэнтры сваёй роднай беларускай народнай гульні.
Дрыгін Анатоль Віктаравіч
выкладчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі
Установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны
універсітэт імя Максіма Танка”